Мемарыяльная сядзіба Акінчыцы

 

Пры шляху шырокім,
Дзе стаіць камора,
Я на свет радзіўся,
Пад глухі шум бору,
Позняю парою,
Восенню гнілою.

Якуб Колас. «На раздарожжы»

«Нарадзіўся я ў 1882 годзе 22 кастрычніка (па старому стылю) ва ўрочышчы Акінчыцы, недалёка ад сяла Мікалаеўшчына (зараз Стаўбцоўскі раён Мінскай вобласці). Бацькі мае – Міхаіл Казіміравіч і Ганна Юр’еўна Міцкевічы – былі малазямельныя сяляне. У Акінчыцах бацька служыў лесніком у князя Радзівіла – польскага магната», – пісаў Якуб Колас у «Аўтабіяграфіі».

Акінчыцы – мемарыяльная сядзіба. У мінулым засценак, потым вёска. Рашэннем Мінскага аблвыканкама ў 1977 годзе ўключана ў межы г. Стоўбцы.

Назва пайшла ад прозвішча шляхціца Акінчыца, які атрымаў у дар ад князя Радзівіла згаданы засценак.

Акінчыцы – першае месца службы Міхала Міцкевіча, бацькі паэта, які тут жыў з сям’ёй з 1 красавіка 1881 года да 1 красавіка 1883 года.

У 1982 годзе, да 100-годзя з дня нараджэння Якуба Коласа, згодна з архіўнымі дакументамі, адноўлена сядзіба лесніка-каморніка і хата ў гладкі вугал, крытая гонтай, з трыма вокнамі, гумно з аборай пад саламянай страхою; студня з жураўлём, прыгрэбнік, у просты вугал паркан з хваёвых плашчакоў, закладзеных у шулы. Тут жа, ля каморы, яшчэ лёгка прыкмеціць колішні шлях, які мае назву Кацярынінскага тракту. Інтэр’ер Акінчыцкай каморы адноўлены паводле ўспамінаў, запісаных ад родзічаў песняра, мясцовых жыхароў.

Лёгкакрылай птушкай узлятае ўвысь матчына калыханка. Праз невялікае акенца на калыску немаўлляткі ліецца святло радасці і замілавання. Усё як у звычайнай сялянскай хаце, маленькай, сціплай, але светлай ад усмешак дзіцячых тварыкаў; стол, засланы абрусам з прошвай, побач, на відным месцы – пасажная скрыня, лава. І галоўнае ў хаце, без чаго не абысціся сялянскай сям’і – печ, прытулак старых і малых. Ля печы – кадзежка на рашчынку цеста, гаршкі і іншыя прылады гаспадыні.

Маці Якуба Коласа была добрай гаспадыняй, рукадзельніцай. Таму ў хаце – прасніца, маткі кужэльных і канапляных нітак, мярэжаны ручнік, сувоі палатна, строі, світка на сцяне, недавязаныя шкарпэткі з прутком у клубку, вытканы паясок-спавівач.

30 кастрычніка 1982 года мемарыяльная сядзіба прыняла першых наведвальнікаў. Сярод экспанатаў – аналагі рэчаў, якімі карысталася сям’я Міцкевічаў, прадметы сялянскага побыту канца ХІХ ст. На хаце мемарыяльная дошка «Тут 3 лістапада 1882 г. нарадзіўся народны паэт Беларусі Якуб Колас (Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч)».